Республиканский фестиваль фольклорного искусства «Берагіня»

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня»

Гомельшчына славіцца сваімі традыцыйнымі святамі, абрадамі, звычаямі, рамесніцкімі і дэкаратыўна-прыкладнымі мастацкімі традыцыямі, носьбітамі старажытнай народнай культуры.

Менавіта таму ў г.п. Акцябрскі з 1999 г. сталі праводзіць фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», які ў 2004 г. набыў статус рэспубліканскага.

На сённяшні дзень «Берагіня» з’яўляецца адным з самых адметных фестываляў народнага мастацтва нашай краіны, скіраваным на аўтэнтычныя формы народнай культуры, комплексную мастацкую адукацыю і выхаванне дзяцей, падлеткаў, навучэнскай і працоўнай моладзі сродкамі народнага мастацтва ва ўсіх яго каранёвых праявах. Усё гэта прыцягвае ўвагу шматлікіх гасцей, якія з’язджаюцца з усёй Беларусі і з краін замежжа, каб пабачыць сапраўдны «эксклюзіў у цэнтры Еўропы» – менавіта такую неафіцыйную назву мае фестываль «Берагіня».

Мэты правядзення фестывалю – падтрымка народнай творчасці, захаванне рэгіянальнай і мясцовай мастацкай культуры, выяўленне і далучэнне да фестывальнага руху новых фальклорных калектываў, пераемнасць нацыянальных культурных традыцый, выкарыстанне народнай спадчыны ў выхаванні моладзі, далучэнне яе да культуры свайго краю.

Арганізатары рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня»: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, упраўленне адукацыі, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і аддзел адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама, грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры» пры ўдзеле адпаведных структур Бабруйскага, Глускага райвыканкамаў Магілёўскай вобласці, Любанскага раёна Мінскай вобласці.

Аўтар ідэі фестывалю – Мікалай Аляксеевіч Козенка, збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог.