З фальклорнага архіва ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» Старажытны абрад «Перанос свячы» ў вёсцы Красніца Чачэрскага раёна

Запісана з улікам мясцовых моўных асаблівасцяў

Запісана Мельнікавай Людмілай Генадзьеўнай,

вядучым метадыстам па народным традыцыям

і абрадам установы «Гомельскі абласны цэнтр

народнай творчасці» ад жыхаркі вёскі Красніца

Чачэрскага раёна Ксяндзовай Ганны Пятроўны, 1926 г.н.

«Свячу для святкавання «Міколы» зрабіў мой бацька»

Раней людзі абракаліся і рабілі ўсё, каб было лепш. Мой бацька зрабіў пасля вайны вялікую свячу з воску. Гэта для таго, каб вадзіўся скот, не балелі дзеці. Яна памагала ад усяго.

Мікольская свяча ходзіць ад двара да двара два разы ў год, а Траецкая –адзін раз у год.

Свяча ходзіць па людзях, па дварах па сонцу: адна старана вуліцы пераходзіць на другую старану. І так да канца.

Мікола – свята ў чысло, а не ўдзень 19 снежня зімой і 22 мая вясной. А Троіца ў дзень, но не ў чысло.

Мой бацька накапіў воска пчалінага і зрабіў свячу. І пусціў яе па міру. Хадзіла яна ў кожны дом. Свячу адзяваюць. Аднізу абматваюць тканым палатном, мыюць ёй сарочку, плацце і фартук. Свяча стаіць у мяне да Міколы, а потым я знімаю сваю адзёжу з яе, сціраю і складаю каля свячы, а на свячу надзеваю новую адзёжу, якую шыю, на абразы вешаю новыя рушнікі.

Бяру саломку і трасу па дарозе, па якой мы будзем несці свячу да палавіны дарогі. А з другой стараны суседка таксама сцеліць саломкай да палавіны маёй дарогі. Потым бяром, сымаем з іконы адзёжу, молімся Богу, зажыгаем свячу і выходзім з хаты. Хазяйка нясе хлеб-соль, а хазяін – свячу.

Выходзяць з хаты хазяін ілі той, хто нясе свячу. Яны бяруцца за рукі, людзі цалуюць ікону і свячу, праходзяць пад рукі і становяцца збоку. Усё гэта робяць каля дома. Хлеб-соль нясуць на века дзежкі, дзе ўчыняюць хлеб. Накрываюць яго белым палотном.

Суседзі таксама нясуць хлеб-соль. Сустракаемся на палавіне дарогі, бяромся пад рукі і круцімся па сонцу, цалуемся. Круцімся ў адну старану і ў другую і гаворым: «Каб жыта так круцілася і расло, як мы круцімся і цалуемся».

Суседка бярэ мой хлеб, а я яе хлеб, і ідзём у хату. Завуць у хату ўже новыя хазяева свячы: «Ну, уваходзьце ўсе ў хату». Уваходзяць, садзяцца за стол і абедаюць. Свяча, хлеб і ікона астаюцца ў этам дварэ. А мы ўсе ідом па сялу, сабіраем, хто чаго даст і гуляем Міколу.

Калі свячу ніхто не бярэ, яна астаецца ў адном дварэ, а, калі ў дзярэўні ўжэ некаму забіраць свячу – яе аддаюць у царкву.

Фотаздымкі абраду «Перанос свячы» (н.п. Матнявічы Чачэрскага раёна). Аўтар фотаздымкаў: В.В. Пранкевіч.